ЧАЧЭ́РСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г. Чачэрск. Гомельскай вобл. Пабудаваны на дзядзінцы летапіснага горада 10—13 ст. Займаў мыс карэннага берага р. Чачора (прыток Сажа). У пач. вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1534—37 у замку стаяла 150 коннікаў і 100 салдат-драбаў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад і замак неаднаразова асаджалі рус. войскі, у выніку чаго замкавыя ўмацаванні моцна пацярпелі і былі адноўлены толькі пасля вайны. Гіст. крыніцы за 1682 паведамляюць пра наяўнасць на замкавай гары 8 вежаў, у т. л. вежы-брамы і хваёвага двайнога астрога. Гэтыя пабудовы абкружаў абарончы роў. Паводле попісу Чачэрска за 1765, існаваў замак з яго брамай Замкавай. Да нашага часу валы Ч.з. не захаваліся. Збярогся толькі замкавы роў, які з ПдУ дугой агінае замчышча. Там, дзе раней быў мост, цяпер насыпана дамба, што злучае замчышча з горадам.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)